Суботнік у лесе ля мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка»
- Опубликовано: 17.04.2022 18:08
Шмат дзесяцігоддзяў таму з’явілася добрая традыцыя ў кожную трэцюю суботу красавіка праводзіць вялікі суботнік у межах усёй краіны.
Насамрэч, традыцыя гэта мае даўнія гістарычныя карані, бо са старадаўніх часоў у перадавялікодныя красавіцкія дні людзі заўсёды імкнуліся навесці парадак не толькі ў сваім жытле, але і прывесці да ладу тое натуральнае асяроддзе, якое іх атачала.
У Беларусі ў апошнія гады да гэтых дзён звычайна прымеркаваны розныя экалагічныя, выхаваўча-патрыятычныя мерапрыемствы, падчас якіх ажыццяўляецца добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, месцаў баявой і вайсковай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У суботу, 16 красавіка 2022 года, студэнты БелДУТ пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Літвіновіч Т.М. і дацэнта Пятрова-Рудакоўскага А.П. накіраваліся на суботнік у лясны масіў па Чарнігаўскай шашы, каб добраўпарадкаваць лясную дарогу, якая вядзе да мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка».
Нягледзячы на непагадзь, студэнты ў лесе правялі арганізаваную і зладжаную работу. Гэта сталася сімвалічным завяршэннем рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу», якая праводзілася ў гэтым годзе ў Беларусі з 9 па 16 красавіка.
Дзякуючы суботніку студэнты зрабілі свой, хай і невялікі, унёсак у чысціню, прыгажосць і добраўпарадкаванасць свайго асяроддзя, сваёй прыроды, сваёй Зямлі.
А.П. Пятроў-Рудакоўскі
дацэнт кафедры «Мытная справа»
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter