Валанцёрскія работы студэнтаў БелДУТа ў Юравіцкім праваслаўным манастыры
- Опубликовано: 25.09.2017 16:28
23-24 верасня 2017 года група студэнтаў факультэта “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” БелДУТа на чале з дацэнтам кафедры “Архітэкутра”, кандыдатам мастацтвазнаўства Малікавым Яўгенам Раманавічам дапамагалi манахам Юравіцкага Раства-Багародзіцкага мужчынскага манастыра ў рэстаўрацыi будынку.
23-24 верасня 2017 года група студэнтаў факультэта “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” БелДУТа ў колькасці дзевяць чалавек на чале з дацэнтам кафедры “Архітэкутра”, кандыдатам мастацтвазнаўства Малікавым Яўгенам Раманавічам выправілася ў палескую вёску Юравічы, Калінкавіцкага раёна. Мэтай паездкі было дапамагчы манахам праваслаўнага Юравіцкага Раства-Багародзіцкага мужчынскага манастыра расчысціць памяшканне ў адным з падвалаў старога манастырскага корпуса. У прынцыпе, студэнты-архітэктары і будаўнікі БелДУТа ў якасці валанцёраў робяць гэтую справу кожнае лета ўжо на працягу 13 гадоў. А тут вырашылі прыехаць папрацаваць яшчэ і ўвосень.
Сам Юравіцкі манастыр быў заснаваны ў канцы ХVII стагоддзя каталіцкім манахам з ордэна езуітаў Марцінам Тыраўскім. Паступова манастыр разрастаўся і ў 1720-1746 гг. замест драўлянага храма быў адбудаваны велічны каменны комплекс у стылі позняга барока, які, на шчасце, захаваўся да нашых дзён. У савецкі час тут, у будынку манастырскага корпуса, знаходзіўся дзіцячы дом, а храм быў значна разбураны бязбожнай ўладай. З 1992 года манастыр пачала аднаўляць Турава-мазырская праваслаўная епархія. З 2007 года беларуская дзяржава распачала рэстаўрацыю велічнага старажытнага храма, а праваслаўная епархія сіламі манахаў паступова аднаўляе манастырскі корпус – будынак былога езуіцкага калегіума. Вось менавіта падвал гэтага корпуса нашы студэнты і дапамагаюць расчысціць ад зямлі і смецця, насыпанага ў савецкі час.
Манастыр ў в.Юравічы, Калінкавіцкага раёна – агульны выгляд. Фота жнівень 2017 г.
Унутраны від манастырскага двара. Фота жнівень 2017 г.
Гатовыя да любой працы – валанцёры БелДУТа перад пачаткам расчысткі падвала 23 верасня 2017 г.
За два дні работы сіламі дзевяці валанцёраў з глыбіні 2,5 метра было вынесена некалькі тон смецця і бітай цэглы. Праца была арганізавана наступным чынам – у падвале зямля насыпаецца ў пласмасавыя вёдры, якія па ланцужку, з рук ў рукі перадаюцца з падвала і ссыпаюцца ў кучу за вонкавай сцяной корпуса. У выніку выцягнутая з падвала куча зямлі дасягнула вышыні ў 1,5 метра.
Працоўныя моманты ў час расчысткі падвала. |
Канешне, такая кароткая паездка невялікай колькасці валанцёраў не дазваляе хутка расчысціць вялікі падвал. Але трэба ўлічыць, што гэта не першая і не апошняя валанцёрская паездка студэнтаў БелДУТа ў Юравічы. Так паступова, няспешна, але няўхільна старажытны падвал будзе вызвалены ад смецця і яго можна будзе выкарыстоўваць для гаспадарчых патрэб насельнікаў манастыра.
Акрамя цяжкай фізічнай працы вялікае ўражанне ў студэнтаў-архітэктараў і будаўнікоў пакінуў сам факт знаходжання ў сценах дзеючага манастыра – сняданак, абед і вячэра ў манастырскай трапезнай, размовы з манахамі айц. Аўксенціем і айц. Серафімам, а таксама іншыя падзеі назаўсёды застануцца ў сэрцах нашых валанцёраў. І можна не сумнявацца, што гэтыя светлыя ўспаміны будуць доўгі час дапамагаць ім пераадольваць цяжасці спасціжэння граніта навукі на працягу ўсяго навучальнага года.
Сняданак ў сценах манастырскай трапезнай.
Агульным рашэннем валанцёраў наступны выезд у Юравічы запланаваны ўжо на вясну 2018 года. Запрашаем усіх жадаючых – работы і цудоўных ўражанняў хопіць для ўсіх! Разам мы дапаможам значна хутчэй аднавіць адзін з самых унікальных помнікаў архітэктуры нашай вобласці!
#Новостикафедрыархитектура
#НовостифакультетаПГС
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter