БелДУТ на Мінскім паўмарафоне
- Апублікавана 11.09.2023 15:32
10 верасня 2023 года ў сталіцы прайшоў юбілейны 10-ы Мінскі паўмарафон.
Гэта грандыёзная лёгкаатлетычная падзея, удзел у якой прынялі звыш 15000 удзельнікаў з 17 краін свету. У межах старту адбыліся забегі на розныя дыстанцыі. У самым доўгім забегу дыстанцыю 21,1 км прынялі ўдзел каля 2000 спартсменаў, у тым ліку самы хуткі паўмарафонец Расіі Рэнас Ахмадзіеў, удзельнікі Алімпіяды ў складзе беларускай каманды Уладзіслаў Прамаў, Марына Даманцэвіч, члены зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы і трыятлоне, многія прафесіяналы і ветэраны спорту.
Удзел у паўмарафоне прынялі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту: прарэктар па навуковай рабоце Ерафееў Аляксандр Аляксандравіч і загадчык кафедры «Кіраванне эксплуатацыйнай працай і ахова працы» Фёдараў Яўген Аляксандравіч.
Маршрут паўмарафона праходзіў міма Палаца Незалежнасці, плошчы Перамогі, Музея Вялікай Айчыннай вайны, стэлы «Мінск — горад-герой», Нацыянальнага выставачнага цэнтра Белэкспа, Вялікага тэатра і іншых славутасцяў, а фініш быў размешчаны на стадыёне Дынама. Па водгуках прафесіяналаў і адчуваннях аматараў траса паўмарафона была досыць складанай з вялікай колькасцю уздымаў і спускаў.
Вядома, спаборнічаць аматарам з прафесіяналамі складана. Аднак па выніках спаборніцтваў нашым удзельнікам удалося значна палепшыць свае асабістыя вынікі. Ерафееў А.А. заняў 62 месца ў агульным заліку з каля 2000 удзельнікаў (8 месца з 275 удзельнікаў у катэгорыі ад 41 да 50 гадоў) з вынікам 1:25:41; Фёдараў Я. А. 422 месца (58 месца ў сваёй узроставай катэгорыі) з вынікам 1:42:47.
Але ў такіх мерапрыемствах важны не столькі вынік, колькі папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Спадзяемся, на наступных стартах удзельнікаў ад нашага ўніверсітэта будзе больш.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter