Аматарская творчасць у БIIЧТ-БелДУТ мае даўнія, выдатныя традыцыі. Вялікай папулярнасцю заўсёды карыстаўся моладзевы клуб «Сталёвыя магістралі», які дзейнічаў у структуры райпрафсача Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Дырэктарамі клуба ў розны час былі: Коваль А.С. (1976-1986 гг.), Коган С.М. (1986-1988 гг.), Клугiна І.А. (1988-1992 гг.).
У сувязі з рэарганізацыяй прафсаюзных устаноў культуры і ў адпаведнасці з загадам рэктара БелIIЧТа №232 ад 21 сакавіка 1992 г. быў утвораны студэнцкі клуб (дырэктар з 21.03.1992 па цяперашні час Рабцаў Б.В.).
Асноўныя задачы работы студэнцкага клуба:
- арганізацыя і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў;
- арганізацыя канцэртнай дзейнасці;
- развіццё творчасці студэнтаў і арганізацыя іх вольнага часу;
- ўмацаванне культурных сувязяў паміж студэнтамі БелДУТа і студэнтамі іншых ВНУ.
Вялікую дапамогу кіраўніцтву клуба аказвае грамадскі Савет клуба, у склад якога ўваходзяць адказныя за культурна-масавую работу ад факультэтаў, студэнцкага прафкама, моладзевых саюзаў, кіраўнікі калектываў.
Шмат гадоў працягвае свой паспяховы шлях да вяршыні папулярнасці народны ансамбль танца «Палескія зоры».
Кіраўнікамі ансамбля за ўсю гісторыю яго існавання былі: 1976-1986 - А. Коваль, 1986-1987 - В. Чарноў, 1987-1988 - Л. Іваноў, 1988-1990 - В. Пранiчнiкава, 1990-2007 - А. Коваль, з 2007 года і па цяперашні час - Г. Забелла.
У 1982 г. калектыву было прысвоена ганаровае званне «Народны»
Ансамбль танца з'яўляецца ўладальнікам Гран-пры фестываляў студэнцкай моладзі Рэспублікі Беларусь у г. Віцебску, лаўрэатам I Міжнароднага фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод», лаўрэатам міжнароднага фестывалю «Белыя крылы» і інш.
Ансамбль паспяхова выступаў не толькі ў Беларусі, але і ў многіх гарадах свету, такіх як Н’ю-Ёрк (ЗША), Клермон-Феран (Францыя), Рудальштат (Германія), Варшава (Польшча), Кіеў, Чарнігаў (Украіна), Масква, Санкт-Пецярбург, Новасібірск, Самара, Казань (Расія), Рыга, Юрмала, Ліепая (Латвія), Бургас (Балгарыя). Але самыя незабыўныя імгненні пакінулі сустрэчы ўдзельнікаў ансамбля з заваёўнікамі Сусвету - з касманаўтамі Зорнага гарадка.
За развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры першаму сярод работнікаў студэнцкіх клубаў Беларусі мастацкаму кіраўніку і балетмайстру народнага ансамбля танца «Палескія зоры» Ковалю О.С. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ад 12 мая 1998 г.).
Любімы і паважаны студэнтамі адзін з самых старажытных жанраў мастацтва – драматычны. На базе народнага агiттэатра «Карчагiнцы» (ганаровае званне прысвоена ў 1980 г.) была створана ў 1988 г. тэатральная студыя, якую курыруюць заўсёды вядучыя акцёры Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, а з 1993 года па цяперашні час С.С. Паздняк.
Адным з самых папулярных калектываў з'яўляецца тэатр эстрадных мініяцюр «Альянс», лаўрэат і ўладальнік першых прэмій шматлiкiх фестываляў і конкурсаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і Украіне. На базе гэтага тэатра ў 1993 г. была арганізавана каманда КВЗ, якая ў снежні 1995 г. стала чэмпіёнам Беларусі сярод каманд КВЗ. У красавіку 1996 г. гэтая ж каманда стала лаўрэатам міжнароднага фестывалю каманд КВЗ, які праходзіў у г. Разані (Расія).
У 1997 г. была арганізавана студыя бальна-спартыўнага танца, якая адразу заваявала папулярнасць у студэнтаў універсітэта.
У 2006 годзе на базе студэнтаў факультэта кіравання працэсамі перавозак была створана студыя спартыўнага танца «MAXIMUM».
За шматгадовую гісторыю студэнцкага клуба творча працавалі і працуюць розныя калектывы мастацкай самадзейнасці: харавая студыя, тэатр ценяў, вакальна-інструментальны ансамбль «Пунсовыя гваздзікі», студыя чытальнікаў, група брэйк-данса «Магніт», духавы аркестр, фота- і кінастудыя «Экспрэс» , аркестр народных інструментаў, джаз-бэнд «Прывiтанне Вам», клуб аўтарскай песні, вакальны гурт, студыя салістаў. Рэпертуар іх разнастайны, насычаны творамі шматнацыянальнага мастацтва народаў краін СНД.
Студэнцкі клуб праводзіць святочныя і юбілейныя канцэрты, балі, дзіцячыя ранішнікі, вечары сустрэч, канферэнцыі, агляды-конкурсы, тэматычныя вечары. Стала добрай традыцыяй штогадовае святкаванне Дня ведаў, Дня выпускнікоў БелIIЧТа-БелДУТа, конкурсу «А, ну-ка, першакурснік», святаў факультэтаў, спартыўных вечароў, прысвечаных вынікам універсітэцкай спартакіяды і Дню абаронцаў Айчыны.
Ну а самым вядомым з'яўляецца традыцыйны турнір «За выдатных дам» (арганізаваны Фiглiным Р.І. у 1979 г.), які заўсёды праходзіць напярэдадні жаночага свята 8 Сакавіка.
У арганізацыі ўсіх гэтых традыцыйных святаў прымае ўдзел усё студэнцтва.
Самыя моцныя творчыя сувязі ў студэнцкага клуба з калектывамі Гомельскага і Мінскага Палацаў культуры чыгуначнікаў. Ні адзіны юбілей і Дзень чыгуначніка не абыходзіцца без студэнтаў і выпускнікоў БелIIЧТа-БелДУТа.
Адзін раз звязаўшы сваё жыццё з творчасцю, многія былыя ўдзельнікі калектываў працягваюць працаваць на ніве выхавання пачуцця прыгожага. Гэта Яўген Саблін, Сяргей Соўпель, Ала Сцепаненка, Віктар Гольц, Дзмітрый Даніленка, Павел Перавошчыкаў, Ганна Краснік, Ганна Забелла, Андрэй Ількоў, Ірына Грэкава і многія іншыя.
А вось Рыгор Фiглiн (на жаль, загінуў 1 ліпеня 1995 году) праславіўся не толькі тым, што аказваў вялікую дапамогу тэатру мініяцюр і камандзе КВЗ, але і арганізацыяй у г. Гомелі сустрэч і канцэртаў з вядучымі акцёрамі тэатра і кіно, спевакамі, рэжысёрамі . А ў кастрычніку 1992 г. ён арганізаваў у г. Гомелі першы прыватны тэатр у Беларусі (з 2000 г. Моладзевы тэатр-студыя).
Дзмітрый Даніленка ў 2009 годзе стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў фестывалю «Славянскі базар у г. Віцебску», але ўжо прадстаўляючы Расійскую Федэрацыю.
І новыя пакаленні студэнтаў БелIIЧТа-БелДУТа працягваюць слаўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў
За высокае выканальніцкае майстэрства і творчыя дасягненні студэнцкі клуб за сваю гісторыю быў неаднаразова ўдастоены дыпломаў, грамат, прызоў, падзячных лістоў кіраўніцтва раённых, гарадскіх і абласных адміністрацый, аддзелаў культуры, Міністэрства адукацыі.
Рашэннем Вучонага Савета універсітэта ад 12 лістапада 2008 года ў мэтах працягу традыцый памяці людзей, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю БелIIЧТа-БелДУТа, студэнцкаму клубу прысвоена імя Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь А.С. Коваля.
Таксама была заснаваная імянная стыпендыя студэнтам, якія дабіліся нароўні з паспяховай вучобай высокага ўзроўню ў аматарскай творчасці.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter