ПАМЯТКА ЎДЗЕЛЬНІКУ ЦЭНТРАЛІЗАВАНАГА ТЭСЦІРАВАННЯ
-
Агульныя палажэнні
1.1. Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (далей – ЦТ) лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячаць установы, вызначанай пунктам правядзення ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і паказаны рэгістрацыйны нумар. У выпадку згубы пропуска выдаецца дублікат.
1.2. Абітурыент МАЕ ПРАВА:
зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ не больш чым па трох вучэбных прадметах: па беларускай або рускай мове (па выбары) і па двух прадметах у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці;
здаць пропуск або памяняць яго на пропуск па іншым вучэбным прадмеце да заканчэння тэрміну рэгістрацыі;
карыстацца толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі непраграміруемым калькулятарам, які не з'яўляецца сродкам захавання, прыёму і перадачы інфармацыі, мае выключна аднарадковы лічбавы дысплэй (які не дапускае адлюстравання графічнай інфармацыі) і здольны ажыццявіць асноўныя арыфметычныя дзеянні (складанне, адыманне, множанне, дзяленне, узвядзенне ў ступень, вылічэнне квадратнага кораня);
рабіць заўвагі (у ходзе ЦТ) адносна зместу тэстаў.
1.3. Абітурыент, які не з'явіўся на ЦТ па ўважлівых прычынах (хвароба або іншыя непрадбачаныя абставіны, што перашкаджаюць яго ўдзелу ў ЦТ і пацверджаныя дакументальна), праходзіць яго ў рэзервовы дзень, папярэдне перарэгістраваўшыся ва ўстаноўлены перыяд у адным з пунктаў, што забяспечваюць рэгістрацыю для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт).
1.4. Абітурыент прыбывае ў пункт тэсціравання не пазней чым за 30 хвілін да пачатку ЦТ, маючы пры сабе зарэгістраваны пропуск, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт або від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу), ручку (гелевую або капілярную) з чарнілам чорнага колеру, калькулятар (толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі).
Абітурыент, які прыбыў на ЦТ пасля распячатвання пакета з педагагічнымі тэстамі, у аўдыторыю не дапускаецца.
Пры атрыманні экзаменацыйных матэрыялаў абітурыент абавязаны пераканацца ў адпаведнасці нумара варыянта бланка адказаў нумару варыянта педагагічнага тэста. Абітурыент забяспечвае захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў з моманту атрымання да перадачы арганізатарам.
1.5. Абітурыенту ЗАБАРАНЯЕЦЦА:
праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца ЦТ, любыя прадметы і дакументы, акрамя дакумента, які сведчыць асобу, пропуска, ручкі (гелевай або капілярнай) з чарнілам чорнага колеру;
фальсіфікаваць даныя ў вобласці рэгістрацыі бланка адказаў;
мяняцца месцамі, скарыстоўваць дапамогу іншых асоб пры выкананні тэставых заданняў.
Абітурыент, які парушае патрабаванні, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ па дадзеным вучэбным прадмеце.
2. Правілы запаўнення бланка адказаў
2.1. Інфармацыя, занесеная ў бланк адказаў, апрацоўваецца ЭВМ аўтаматычна, таму пры запаўненні бланка адказаў неабходна дакладна выконваць устаноўлены парадак.
2.2. Інфармацыя ў бланк адказаў упісваецца толькі ў спецыяльна вызначаныя палі. Кожнае поле бланка адказаў запаўняецца, пачынаючы з першай клетачкі. Клетачкі поля, якія засталіся свабоднымі, запаўняць не трэба. Не рабіце прочыркаў.
2.3. Лічбы і літары ўпісваюцца ў палі бланка адказаў у адпаведнасці з узорамі напісання знакаў, размешчанымі ў верхняй частцы бланка адказаў або інструкцыі да тэста.
2.4. Бланк адказаў запаўняецца толькі чорным чарнілам.
2.5. Прозвішча, імя, імя па бацьку ўпісваюцца згодна з дакументам, які сведчыць асобу, на той мове (беларускай або рускай), на якой абітурыент зарэгістраваўся. Подпіс абітурыента не павінен выходзіць за лініі абмежавальнай рамкі.
2.6. Нельга выпраўляць метку графічным спосабам (заштрыхоўваць), замазваць карэкціруючай вадкасцю.
2.7. Вобласць адказаў на заданні часткі А складаецца з гарызантальнага рада нумароў заданняў тэста. Пад кожным нумарам задання размешчаны вертыкальны слупок з пяці клетачак. Для ўнясення адказу, які абітурыент лічыць правільным, пад нумарам задання ён павінен паставіць метку ў тую клетачку, нумар якой адпавядае нумару выбранага ім адказу. Пры запаўненні вобласці адказаў на заданні часткі А неабходна строга выконваць інструкцыі, прыведзеныя ў тэсце (да ўсіх заданняў, групы або асобных заданняў).
Адказы на заданні часткі В трэба запісваць справа ад нумара тэставага задання ў вобласці адказаў, прызначанай для кароткіх адказаў на тэставыя заданні.
Адказ даецца толькі ў кароткай форме (слова, словазлучэнне або цэлы лік). Кожная лічба, літара або знак мінус (калі лік адмоўны) запісваецца ў асобную клетачку.
Адказ, што складаецца з двух слоў, пішацца разам, без злучка, прабелу або іншага раздзяляльнага знака. Калі літар у такім слове аказалася больш, чым клетачак у полі адказу, то другую частку слова можна пісаць больш шчыльна, з меншай адлегласцю паміж літарамі (не захоўваючы пападання ў клетачкі). Слова неабходна пісаць поўнасцю.
Адказ (слова або словазлучэнне) даецца ў форме (род, лік, склон), вызначанай умовай тэставага задання, і на мове, выбранай для здачы экзамену. Арфаграфічныя памылкі ў адказе недапушчальныя.
Лікавы адказ у выглядзе дробу акругляецца да цэлага ліку па правілах матэматычнага акруглення.
Забараняецца запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы або выразу, паказваць назвы адзінак вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны і інш.), даваць загалоўкі словамі або каментарыі да ліку.
Забараняецца выкарыстоўваць экзаменацыйныя матэрыялы для працоўных запісаў.
Недапушчальнае выкарыстанне ненарматыўнай лексікі і іншае наўмыснае парушэнне ўстаноўленага парадку запаўнення бланка адказаў.
2.8. Адмена памылковых метак выконваецца ў палях «Адмена памылковых метак». Для адмены памылковага і ўказання правільнага адказу трэба адмяніць метку памылкова выбранага адказу і паставіць іншую метку ў патрэбнай клетачцы, якая адпавядае дадзенаму заданню. Адмена адной меткі ажыццяўляецца запаўненнем аднаго поля ў вобласці «Адмена памылковых метак». У полі «Пытанне» паказваецца нумар задання з памылкова выбраным адказам, потым у полі «Метка» паказваецца парадкавы нумар памылкова пастаўленай меткі. Калі для запісу нумара задання неабходна толькі адна лічба, то другая клетачка поля «Пытанне» застаецца свабоднай. Для аднаго задання можна адмяніць некалькі памылковых метак, выкарыстоўваючы для адмены кожнай меткі новае поле. Адмяніць можна не больш за шэсць памылковых метак ва ўсіх заданнях часткі А. Таму ставіць метку трэба толькі пасля канчатковага выбару правільнага адказу ў заданні.
Замена памылковых кароткіх адказаў у заданнях часткі В і ўказанне правільнага адказу здзяйсняецца ў адпаведным полі. Для замены памылковага адказу неабходна паказаць нумар няправільна выкананага задання і запісаць правільны адказ. Замяніць можна не больш за два памылковыя адказы.
2.9. Пры здачы запоўненага бланка адказаў і іншых экзаменацыйных матэрыялаў абітурыент прад’яўляе асобе, якая забяспечвае правядзенне ЦТ у аўдыторыі, свой пропуск, на якім ставіцца адзнака «Цэнтралізаванае тэсціраванне прайшоў(-ла)».
3. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання
3.1. Прэтэнзіі да рэзультатаў ЦТ па прычыне парушэння абітурыентам парадку запаўнення бланка адказаў не разглядаюцца.
3.2. Інфармацыю аб рэзультатах ЦТ можна атрымаць на сайце УА “Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў” па адрасе: www.rikc.by .
УА “РІКВ” забяспечвае аператыўнае інфармаванне аб рэзультатах ЦТ з дапамогай мабільнай сувязі з выкарыстаннем SMS-запытаў на нумар 5050. Паслуга рэалізавана ў выглядзе інтэрактыўнага сэрвісу SMS-падпіскі і даступная для абанентаў VELCOM, MTC, DIALLOG, LIFE. Дадзеная паслуга платная.
3.3. Сертыфікат выдаецца толькі ў абмен на зарэгістраваны пропуск з адзнакай «Цэнтралізаванае тэсціраванне прайшоў(-ла)» пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу, з якім абітурыент праходзіў ЦТ і нумар якога будзе паказаны ў сертыфікаце.
3.4. У выпадку выкарыстання ненарматыўнай лексікі і іншага наўмыснага парушэння ўстаноўленага парадку запаўнення абітурыентам бланка адказаў на падставе рашэння камісіі РІКВ дадзеныя бланкі адказаў не падлягаюць апрацоўцы. Абітурыентам, якія дапусцілі дадзены від парушэння, сертыфікат не выдаецца.
Жадаем поспехаў!
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter