Коваль Алег Сцяпанавіч нарадзіўся ў сяле Кагановіч Красоўскага раёна Саратаўскай вобласці. Скончыў Краснаярскае краявое культасветвучылішча і Усходне-Сібірскі дзяржаўны інстытут культуры з адзнакай
З лютага 1974 года па верасень 1976 года ён працаваў мастацкім кіраўніком Палаца культуры Гомельскага шклозавода. З верасня 1976 па люты 1986 года - дырэктарам моладзевага клуба «Сталёвыя магістралі» прафкама студэнтаў Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. З лютага 1986 г. па жнівень 1996 года - мастацкім кіраўніком Палаца культуры ВА «Гомсельмаш».
З 1 верасня 1996 г. прызначаны кіраўніком народнага ансамбля «Палескія свiтаннi» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Алег Сцяпанавіч творча пераўвасабляў дасягненні нацыянальнай і сусветнай культуры, ствараючы новыя пастаноўкі. Пад яго кіраўніцтвам маленькі гурток танца крок за крокам вырас да народнага калектыву эстраднага і фальклорнага танца, у якім за ўсе гады яго існавання ўдзельнічалі больш за 2000 студэнтаў з рэпертуарам розных нацыянальных культур.
Пад кіраўніцтвам А.С. Коваля калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў у краінах былога Савецкага Саюза, Расіі, Украіны, Малдовы, Прыбалтыкі, ЗША, Даніі, Германіі.
А.С. Коваль прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі абласных і гарадскіх мерапрыемстваў. Сумесна з настаўнікамі сярэдняй спецыялізаванай школы №10 стварыў тэатр «Дзiця святла», які ў 1991 годзе стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу ў горадзе Казані.
Ён быў аўтарам ідэі і галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам Міжнароднага фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод», які ўпершыню адбыўся ў Гомелі ў 1997 годзе.
ЯЗ'яўляўся галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам у 1998 годзе - Рэспубліканскага фестывалю «Ганчарны круг», у 2000 годзе - Міжнароднага дзіцячага фестывалю «Зямля пад белымі крыламі». З'яўляўся арганізатарам і рэжысёрам святаў, якія праводзяцца Адміністрацыяй Чыгуначнага раёна горада Гомеля: «Свята вуліцы Перамогі», конкурс прыгажосці «Прыгажуня», «Пеўчае поле» і інш.
За развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры першаму сярод работнікаў студэнцкіх клубаў Беларусі мастацкаму кіраўніку і балетмайстру народнага ансамбля танца «Палескія свiтаннi» Ковалю Алегу Сцяпанавічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ад 12 мая 1998 г.).