21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
- Апублікавана 21.02.2024 11:20
Ужо амаль чвэрць стагоддзя 21 лютага ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.
Абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА у 1999 годзе, гэты дзень пакліканы заахвоціць моўную разнастайнасць, спрыяць захаванню ўразлівых моваў невялікіх нацый, іхніх моўных традыцый, нагадаць, што без належнай увагі дзяржаваў і сусветнай супольнасці многія мовы знікнуць назаўсёды.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы студэнты групы ГТ-31 разам з куратарам – дацэнтам А.П. Пятровым-Рудакоўскім падрыхтавалі віктарыну, прысвечаную роднай мове, літаратуры, гістарычнай спадчыне Беларусі.
Студэнты падзяліліся на дзве каманды, якія актыўна спаборонічалі за перамогу ў віктарыне, але перамога сталася адной агульнай для ўсіх, бо абедзьве каманды засведчылі не проста выдатныя веды, але і сардэчнае пачуццё любві да роднай мовы і культурнай спадчыны сваёй краіны.
Менавіта з гэтага пачынаецца патрыятызм і гонар за Радзіму, адчуванне прыналежнасці да чагосьці ўнікальнага і самабытнага, чаго больш нідзе не сустрэнеш. І гэтае адчуванне вельмі важна захаваць у нашым сённяшнім вірлівым і глабалізаваным свеце.
Антон Пятроў-Рудакоўскі
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter