Форменнае адзенне – гэта дысцыпліна, парадак і адказнасць
- Апублікавана 04.09.2024 11:42
Нашэнне форменнага адзення з’яўляецца, з аднаго боку, неабходнасцю пазначыць тую ці іншую прафесійную прыналежнасць, а з другога боку гэта можна разглядаць як пэўны прывілей, знак пашаны і павагі да тых, хто надзелены правам насіць форму.
Мытныя органы любой дзяржавы выконваюць надзвычай важныя задачы па абароне інтарэсаў дзяржавы, забеспячэнню эканамічнай, а таксама і ў цэлым – нацыянальнай бяспекі. Таму са старажытных часоў ва ўсіх краінах мытнікі, як і вайскоўцы, надзелены гэтым асаблівым правам – насіць форменнае адзенне з усталяванымі знакамі адрознення.
З верасня 2024 года студэнты спецыяльнасці «Мытная справа», як іхнія калегі з іншых універсітэтаў Беларусі, якія навучаюцца па гэтай спецыяльнасці, будуць насіць форменнае адзенне.
Гэта дапаможа ім загадзя адаптавацца да сваёй будучай прафесійнай дзейнасці і лепш прачуць ейную спецыфіку. Але самым важным тут з’яўляецца псіхалагічны фактар: нашэнне форменнага адзення дысцыплінуе, заклікае да парадку і асабліва падкрэслівае тую адказнасць, якая ўскладаецца на асобу, якая яе носіць.
Форменнае адзенне было распрацавана кафедрай «Мытная справа» у супрацоўніцтве са студэнтамі зыходзячы з гістарычных традыцый і патрабаванняў прафесійнай геральдыкі. Пры гэтым, прыярытэтнай умовай з’явілася максімальная прастата, лаканічнасць і выразнасць кожнага элемента адзення і знакаў адрознення.
Кафедра «Мытная справа» віншуе сваіх студэнтаў з гэтай знакавай падзеяй і жадае ім падтрымліваць свае маральныя і прафесійныя якасці на высокім узроўні і не дапускаць правіннасцяў, здольных запляміць гонар іхніх новых мундзіраў.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter