Караткевіч У. С. – 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
- Апублікавана 26.11.2020 07:59
Нарадзіўся пісьменнік 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці.
Вялікая Айчынная вайна заспела школьніка Караткевіча ў Маскве, але на гэтым адукацыйна-геаграфічныя прыгоды пісьменніка не сканчаюцца, а толькі пачынаюцца. Шосты клас ён скончыў у Арэнбургу, а сярэднюю адукацыю атрымаў у 1944 годзе ў роднай Оршы. У Кіеве скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта ім. Т. Р. Шаўчэнка, а ў Маскве – Вышэйшыя літаратурныя і Вышэйшыя сцэнарныя курсы.
Першыя вершы Караткевіча былі апублікаваныя ў 1951 годзе, але шырокую вядомасць яму прынесла проза.
Пісьменнік з’яўляецца адной з найбольш яскравых фігураў у беларускай літаратуры XX стагоддзя. Ён стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. А раман «Каласы пад сярпом тваім», які займае цэнтральнае месца ў творчасці аўтара, можна па праве назваць першым беларускім гістарычным раманам.
Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі».
Творчы патэнцыял Караткевіча шырокі і разнастайны. Ён праявіў сябе ў якасці драматурга, сцэнарыста, нават напісаў лібрэта. Выступаў у якасці публіцыста і крытыка, займаўся перакладамі.
Творы пісьменніка перакладзены на мноства моваў.
Ягоным імем названыя вуліцы ў Віцебску і Оршы, ягонае імя носіць школа № 3 у Оршы, дзе таксама адкрыты Літаратурны музей пісьменніка.
У мастацкім абанеменце навукова-тэхнічнай бібліятэкі дзейнічае выстава «Караткевіч У. С. – 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка», прымеркаваная да юбілею пісьменніка, на якой прадстаўлены творы аўтара з фонду бібліятэкі.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter