Трыццаць гадоў Гомельскай мытні
- Апублікавана 13.05.2023 10:22
Свой трыццацігадовы юбілей 5 мая 2023 года адзначыла Гомельская мытня.
Гомельская мытня бярэ свой пачатак са стварэння яшчэ ў часы Савецкага Саюза пункту мытнага надгляду імпартных грузаў на будаўнічай пляцоўцы Беларускага металургічнага завода ў ліпені 1982 года. У 1983 годзе быў створаны Жлобінскі мытны пост. Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь гэты пост увайшоў у склад Мінскай рэгіянальнай мытні. Значны рост знешніх эканамічных сувязяў шматкроць павялічыў экспарт і імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь. І з 4 мая 1993 года Гомельскі мытны пост Мінскай рэгіянальнай мытні ператвораны ў Гомельскую мытню са штатнай колькасцю 156 чалавек. А ўжо 1 ліпеня 1993 года на ўчастак мяжы Гомельскай вобласці з Расійскай Федэрацыяй і Украінай заступілі першыя змены гомельскіх мытнікаў.
За тры дзесяцігоддзі Гомельская мытня стала адной з найбуйнейшых мытняў Рэспублікі Беларусь.
З нагоды гэтай урачыстай падзеі ў якасці падарунка для Гомельскай мытні студэнткі трэцяга курса спецыяльнасці «Мытная справа» Марына Войчанка і Ксенія Акуленка падрыхтавалі юбілейны відэафільм на падставе фота- і відэаматэрыялаў Гомельскай мытні. У фільме раскрыты асноўныя вехі гісторыі Гомельскай мытні і адзначаны ейныя дасягненні за, хай і нядоўгую, але багатую на падзеі гісторыю.
Кафедра «Мытная справа» сардэчна віншуе Гомельскую мытню і ўсіх ейных супрацоўнікаў з 30-гадовым юбілеем і жадае вялікіх поспехаў у справе забеспячэння эканамічнай бяспекі Гомельскага рэгіёну і Рэспублікі Беларусь.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter