Кожная прыёмная кампанія ўнікальная


Зусім хутка ў былых абітурыентаў, цяпер ужо першакурснікаў, пачынаецца новае жыццё – студэнцкае. Некалькі месяцаў трывог і напружання змяніліся пачуццём радасці і ўсведамлення свайго новага статусу. Наперадзе яркія эмоцыі, новыя сябры і магчымасці.

87

Мабыць, усім, хто гэтым летам працаваў у складзе прыёмнай камісіі, асабліва прыемна павіншаваць маладых людзей і парадавацца за тое, што ў іх на дадзеным этапе ўсё атрымалася. Амаль на працягу месяца мы былі побач з імі, міжволі ўспамінаючы сябе пры паступленні ва ўніверсітэт, дапамагалі парадамі і па меры магчымасці вырашалі іхнія пытанні, калі яны ўзнікалі.

Кожная прыёмная кампанія для нас па-свойму ўнікальная. Змяняецца заканадаўчая база, колькасць абітурыентаў, са змяненнем хуткасці абнаўлення тэхналогій змяняецца матывацыя абітурыентаў і падыходы да выбару будучай прафесіі. Цяперашняя ўступная кампанія характарызуецца, з майго пункту гледжання, адным, вельмі важным, момантам: абітурыенты мэтанакіравана выбіралі нашую ВНУ і спецыяльнасць, часта не баючыся конкурсу. Мне прыемна адзначаць, што нашыя традыцыйныя спецыяльнасці, звязаныя з працай на чыгуначным транспарце, напаўняліся ў першую чаргу. Перспектыўнасць і запатрабаванасць гэтых спецыяльнасцяў для нашых абітурыентаў вызначала разуменне, што сапраўдны рэйтынг той ці іншай спецыяльнасці – гэта не прыгожая назва і высокі прахадны бал, а, у першую чаргу, запатрабаванасць на рынку працы.

Сітуацыя складвалася такім чынам: на 534 бюджэтных месцы было пададзена 649 заяваў. На некаторыя спецыяльнасці былі даволі высокія прахадныя балы. Так, на спецыяльнасць «Мытная справа (эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці)» прахадны бал склаў 303, «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт на прадпрыемстве транспарту)» – 295, «Транспартная лагістыка (чыгуначны транспарт)» – 284.

Дарэчы, 72 абітурыенты набралі па выніках ЦТ ад 300 і вышэй балаў.

Устойлівым попытам карыстаюцца спецыяльнасці завочнага факультэта скарочанай формы атрымання адукацыі, на 145 бюджэтных месцаў было пададзена 508 заяваў. Абітурыенты спецыяльнасцяў завочнага факультэта – гэта, у асноўным, людзі, якія скончылі профільныя сярэднія спецыяльныя ўстановы і працуюць па спецыяльнасці.

Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць уступнай кампаніі 2020 года – уніфікацыю падыходу да правядзення ўступнага выпрабавання па дысцыпліне «Творчасць» для абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасць «Архітэктура», якое праводзілася ў тры этапы: «Малюнак», «Кампазіцыя» і «Чарчэнне». Нягледзячы на больш складаныя ўмовы ў параўнанні з мінулым годам, конкурс на бюджэтную форму атрымання адукацыі па дадзенай спецыяльнасці склаў 2,7 чалавекі на месца. Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасць «Архітэктура», як правіла, творчыя і мэтанакіраваныя асобы.

У цэлым уступная кампанія прайшла ў спакойнай, добразычлівай абстаноўцы. Многія з членаў прыёмнай камісіі працуюць у ёй не першы год, і калі даводзіцца, могуць працаваць у экстрэмальных умовах і прымаць хуткія і правільныя рашэнні. Мы працуем у сціслыя тэрміны, таму вельмі важныя паміж людзьмі паразуменне, давер.

Шчырыя словы падзякі я адрасую сэрвіснаму студэнцкаму атраду. Рабяты набылі добры досвед працы з людзьмі, набылі навыкі справаводства, мелі магчымасць развіць свае камунікатыўныя здольнасці.

Дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву прыёмнай камісіі мяркую, што з пастаўленымі задачамі мы эфектыўна справіліся.

1

 

Адказны сакратар

прыёмнай камісіі 2020 года

к. т. н. В. А. Лодня

Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter