Навукова-тэхнічная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту вядзе адлік сваёй дзейнасці з моманту арганізацыі Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. У кастрычніку 1953 года яна заняла крыло будынка былой Александраўскай мужчынскай гімназіі, арыентаванае па вуліцы Кірава, дзе раней размяшчаліся актавая і гімнастычная залы гімназіі.
За гэты час бібліятэкай быў пройдзены доўгі і складаны шлях, цесна пераплецены з гісторыяй развіцця БІІЧТ-БелДУТ. Прамінулі цяжкасці першапачатковага фарміравання кніжнага фонду вучэбнай і навуковай літаратуры, вызначэння асноўных напрамкаў арганізацыі абслугоўвання чытачоў, стварэння структурных падраздзяленняў бібліятэкі, якія якасна забяспечваюць вучэбную і навуковую дзейнасць.
Сёння НТБ БелДУТа з'яўляецца адной з найбуйнейшых бібліятэк Гомельскай вобласці. Яе фонд – каля 1 мільёна асобнікаў кніг і часопісаў. Штогод ён павялічваецца на 25-30 тыс. асобнікаў новых падручнікаў, навуковых і даведачных выданняў. Колькасць чытачоў перавышае 15 тыс.чалавек. Гэта не толькі выкладчыкі, студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта, але і іншыя жыхары г.Гомеля і Гомельскай вобласці.
У цяперашні час аб'ёмы інфармацыі даўно выйшлі за тую мяжу, калі яе можна надзейна захоўваць і эфектыўна выкарыстоўваць традыцыйнымі бібліятэчнымі метадамі. На дапамогу прыходзіць камп’ютарная тэхніка, якая дазваляе захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю ў электроннай форме. У НТБ БелДУТа сёння створана лакальная сетка з 30 камп’ютараў, якая з'яўляецца складовай часткай агульнай сеткі універсітэта. Яна дазваляе выкарыстоўваць назапашаныя інфармацыйныя рэсурсы ў абслугоўванні чытачоў. Электронны каталог бібліятэкі ўключае амаль 90 тыс. бібліяграфічных запісаў і дазваляе ажыццяўляць пошук літаратуры па любой пошукавай прыкмеце (аўтар, загаловак, тэма, ключавое слова і т.д.).
Прафесарска-выкладчыцкі склад, студэнты, аспіранты прад'яўляюць усё новыя патрабаванні да бібліятэкі, прымушаючы перабудоўваць некаторыя тэхналагічныя працэсы і ссоўваць акцэнты. З прычыны гэтага змяняецца і падыход да арганізацыі інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання, эфектыўнасць якога сёння шмат у чым дасягаецца шляхам стварэння паўнатэкставых электронных бібліятэк. У БелДУТ працэс стварэння паўнатэкставай электроннай бібліятэкі пачаўся ў 2005 годзе сумеснымі намаганнямі рэктарата, бібліятэкі, вылічальнага цэнтра і кафедраў і сёння яна ўжо актыўна выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе.
Навукова-тэхнічная бібліятэка мае багаты інфармацыйны патэнцыял, прадстаўлены ў выглядзе газет, часопісаў, кніг, развітога даведачна-пошукавага апарата. Гэта аказвае несумненную дапамогу ў правядзенні ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў ВНУ, якая будуецца зыходзячы з канкрэтных асаблівасцяў часу. Сёння бібліятэка вядзе сваю працу ў гэтым кірунку з улікам "Плана ідэалагічнай і выхаваўчай работы ўніверсітэта" ў цесным узаемадзеянні з выхаваўчым аддзелам. Важнае месца займае выставачная праца. Штогод арганізуецца больш за 50 выставаў, накіраваных на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, прафесійнай культуры, здаровага ладу жыцця, прававога і маральна-этычнага выхавання. Аказваецца інфармацыйная падтрымка ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ва ўніверсітэце, падбіраецца Літаратура, складаюцца тэматычныя спісы. Дзякуючы падтрымцы з боку рэктарата, стала магчымым забеспячэнне папулярнымі рэспубліканскімі перыядычнымі выданнямі ўсіх падраздзяленняў універсітэта і студэнцкіх інтэрнатаў.
Вывучаючы досвед працы найбуйнейшых універсітэцкіх бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў, як у нашай краіне, так і за мяжой, можна прасачыць галоўны вектар іх развіцця: ад цэнтру захоўвання інфармацыі да інфармацыйнага цэнтру, ад інфармацыйнага цэнтру да цэнтру рэсурсаў навучання. Ён дакладна вызначае і стратэгічны кірунак далейшага развіцця навукова-тэхнічнай бібліятэкі БелДУТа, як неад'емнай і арганічнай часткі ВНУ ў цэлым.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter