Мытная служба - на пярэднім рубяжы барацьбы з наркотыкамі
- Апублікавана 13.03.2023 08:25
Ужо амаль два стагоддзі чалавецтва вядзе вельмі жорсткую барацьбу з велізарным злом, якое прыйшло ў ягонае жыццё, – наркаманіяй і наркабізнесам.
Гэтая барацьба з пераменным поспехам вядзецца самымі рознымі спосабамі у розных краінах. Яна не павінна спыняцца ні на імгненне, паколькі вораг вельмі падступны: ён увесь час змяняе сродкі і спосабы аказання свайго смяротна небяспечнага ўздзеяння на чалавека.
Гэтая праблема ўжо даўно прызнана глабальнай. Менавіта таму Генеральная Асамблея ААН 7 снежня 1987 года прыняла Рэзалюцыю ААН № 42/112, якая ўстанавіла Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам. Гэты дзень адзначаецца штогод 26 чэрвеня, пачынаючы з 1989 года.
Таксама ў апошні час усталявалася традыцыя ў першы дзень вясны яшчэ раз успамінаць аб гэтай праблеме, нагадваць пра тое, што моладзь, школьнікі, студэнты, якія не маюць жыццёвага вопыту, і актыўна спрабуюць пазнаваць навакольны свет, асабліва ўразлівыя перад наркотыкамі. З іншага боку, важна памятаць і тое, што наркабізнес – звышпрыбытковая галіна дзейнасці і дзеля такога прыбытку асобы, што задзейнічаны ў гэтым бізнесе не спыняюцца ні перад чым. Таму барацьба з наркотыкамі павінна быць бескампраміснай і бязлітаснай.
Дадзеная праблема была абмеркавана 7 сакавіка 2023 года дацэнтам кафедры «Мытная справа» А.П. Пятровым-Рудакоўскім са сваёй курыруемай групай ГТ-2 у межах практычнага занятку па дысцыпліне «Мытны кантроль». Для студэнтаў спецыяльнасці «Мытная справа» гэта асабліва актуальна, паколькі барацьба з наркатрафікам – гэта частка іхняй будучай прафесійнай дзейнасці. У ходзе занятку была адзначана асаблівая небяспека наркаманіі і наркабізнесу для сацыяльнай, дэмаграфічнай, эканамічнай і іншых складнікаў нацыянальнай бяспекі дзяржавы.
У працэсе абмеркавання матэрыялаў дакладаў, падрыхтаваных студэнтамі, была звернута ўвага на спосабы ўтойвання наркатычных сродкаў, якія незаконна перамяшчаюцца праз Дзяржаўную мяжу, у транспартных сродках, у багажы і таксама фізічнымі асобамі пры сабе, акцэнтавана ўвага на тых дзеяннях, якія павінны прадпрымаць службовыя асобы мытных органаў пры выяўленні наркатрафіку.
Падрабязна абмеркаваны формы мытнага кантролю і меры, якія забяспечваюць яго правядзенне, неабходныя для таго, каб праца мытнай службы ў справе барацьбы з наркабізнесам, і ў цэлым – з наркаманіяй, была максімальна эфектыўнай.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter