Абласны этап рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай перамогі»
- Апублікавана 29.04.2020 13:22
У межах рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай перамогі» 29 красавіка 2020 года на мемарыяле "Баграціён" у Светлагорскім раёне адбыўся ўрачысты мітынг-рэквіем па перадачы капсул з месцаў пахаванняў з дваццаці аднаго раёна Гомельскай вобласці.
На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Салавей, настаяцель прыхода храма Усіх Святых горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны, прадстаўнікі духавенства і грамадскасці, жыхары раёна і вобласці, а таксама асабовы склад узвода ганаровай варты ваенна-транспартнага факультэта ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту». Ваеннаслужачых запрасілі для выканання адказнай місіі па ўскладанні вянкоў і нясення вахты ля мемарыяла.
Узятая з воінскіх пахаванняў, брацкіх і індывідуальных магіл, пахаванняў ахвяраў фашызму зямля Гомельскай вобласці была ўрачыста перададзена ў Храм-помнік у гонар Усіх святых у горадзе Мінску, дзе 9 мая 2020 года, у 75-ы Дзень Перамогі, адбудзецца заканчэнне акцыі памяці.
Далей курсанты ваенна-транспартнага факультэта ўсклалі да мемарыяла вянкі, чарговы раз прадэманстраваўшы сваю страявую вывучку, стойкасць і выразнасць у выкананні рытуалу.
Выкладчык кафедры агульнавайсковай падрыхтоўкі
ваенна-транспартнага факультэта
маёр Яўген Вінічэнка