VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Будаўніцтва і аднаўленне штучных збудаванняў»
- Апублікавана 23.05.2020 12:14
У перыяд з 21 па 22 траўня ўпершыню ў анлайн-рэжыме на ваенна-транспартным факультэце ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту» прайшла VII міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Будаўніцтва і аднаўленне штучных збудаванняў», мэтай якой было абмеркаванне праблем тэорыі і практыкі праектавання, будаўніцтва, эксплуатацыі і аднаўлення штучных збудаванняў на транспартнай сетцы, давядзенне вынікаў праведзеных даследаванняў і выпрацоўка адзіных поглядаў на фармаванне шляхоў павышэння эфектыўнасці іх выкарыстання.
У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі: Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установы вышэйшай прафесійнай адукацыі «Маскоўскі дзяржаўны будаўнічы ўніверсітэт», нацыянальны даследчы ўніверсітэт, Арлоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. С. Тургенева, Галоўнага ўпраўлення начальніка Чыгуначных войскаў, Ваеннай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння імя генерала арміі А. В. Хрулёва, Ваеннага інстытута чыгуначных войскаў і ваенных зносінаў.
Беларускі бок прадстаўлялі вайскоўцы ваенна-транспартнага факультэта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту і Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Вітаў удзельнікаў канферэнцыі начальнік ваенна-транспартнага факультэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук палкоўнік Аляксей Паддубны.
У сваім выступе Аляксей Аляксеевіч падзякаваў ўсім удзельнікам за актыўны ўдзел і засведчаную цікавасць да правядзення канферэнцыі такога фармату, якая праходзіць на базе ўніверсітэта ўпершыню, аднак не траціць актуальнасць і аб’ёмнасць. Далей палкоўнік Аляксей Паддубны выступіў з дакладам на тэму «Роля ваенна-транспартнага факультэта ў галіне будаўніцтва і аднаўлення штучных збудаванняў», у якім ён разгледзеў непасрэдны ўдзел ваеннаслужачых факультэта ў межах дадзенай працы, а таксама перспектывы, сучасныя ўзоры трэнажораў і макетаў, якія ўжываюцца пры падрыхтоўцы ваенных кадраў для транспартных войскаў, што выклікала непадробную цікавасць і дыскусію ва ўдзельнікаў.
У сваім дакладзе «Разлік умацаваных планавых паказчыкаў па ўзвядзенню ваенных чыгуначных мастоў з выкарыстаннем сучасных камп’ютэрных праграм» начальнік кафедры ваенна-спецыяльнай падрыхтоўкі, кандыдат ваенных навук палкоўнік Сяргей Бабрыцкі і выкладчык кафедры агульнавайсковай падрыхтоўкі падпалкоўнік Канстанцін Яфімчык адзначылі перспектыву развіцця дадзенага кірунку.
Далей на працягу двух дзён удзельнікі канферэнцыі працягнулі працу на секцыйных пасяджэннях у межах чатырох напрамкаў:
- «Фізіка, механіка і матэматыка пры разліку і канструяванні штучных збудаванняў»,
- «Аднаўленне і тэхнічнае прыкрыццё штучных збудаванняў»,
- «Машыны і абсталяванне пры будаўніцтве і аднаўленні штучных збудаванняў»
- «Будаўніцтва штучных збудаванняў. Экалагічная бяспека і энергазберажэнне пры будаўніцтве штучных збудаванняў».
Па выніках канферэнцыі лепшыя даклады былі адзначаны дыпломамі розных ступеняў.
Па выніках працы канферэнцыі было выпрацавана Рашэнне і вынесеныя на зацвярджэнне вышэйстаячымі органамі ваеннага кіравання прапановы ў праект Плана супрацоўніцтва паміж міністэрствамі абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў межах каардынацыі дзейнасці профільных адукацыйных установаў на 2021 год.
Выкладчык кафедры агульнавайсковай падрыхтоўкі
ваенна-транспартнага факультэта маёр Яўген Вінічэнка