Навошта людзі ствараюць сям’ю?


Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. Л.М. Талстой

2s

Фота выпускнікоў будаўнічага факультэта

Трушковай Елізаветы і Трушкова Ігара

Чым старэйшэм чалавек робіцца, тым часцей ён задумваецца пра сваё месца ў свеце. І тым больш актуальным робіцца пытанне аб неабходнасці стварэння сям’і. Раней такое пытанне нават не ўзнікала: у шлюб уступалі па рашэнні бацькоў, якія абіралі партнёра па сацыяльным становішчы і ўзроўні дастатку, каб забяспечыць працяг і дабрабыт роду. Аднак цяпер шмат каму незразумела, для чаго ствараць сям’ю, навошта браць на сябе адказнасць за іншага чалавека замест таго, каб працаваць толькі для ўласнага дабрабыту.

Калі адказваць на пытанне «Навошта (з якой мэтай) людзі ствараюць сям’ю?», то ідэальныя адказы гучаць прыкладна так:

У ідэале, людзі ствараюць сям’ю, таму што кахаюць адзін аднаго і хочуць адчуваць сябе каханымі, каб атрымліваць і аддаваць каханне. Бо каб стварыць паўнавартасную, сям’ю, патрэбна вернасць, каханне і адказнасць.

А вось калі задумацца над тым «Чаму (па якой прычыне) людзі ствараюць сям’ю?», то пералік прычын будзе значна больш шырокім:

• матэрыяльныя выгады ад шлюбу;

• нечаканая цяжарнасць;

• страх адзіноты, боязь застацца аднаму да канца жыцця ці ў момант хваробы;

• жаданне збегчы з дакучлівага атачэння;

• націск родзічаў і сяброў;

• імкненне выглядаць больш салідна, павысіць свой статус;

• жаданне выхоўваць дзяцей;

• асаблівасці выхавання, якія загадваюць абавязкова стварыць сям’ю (асабліва пры дасягненні пэўнага ўзросту);

• зайздрасць;

• спроба змяніць сваё жыццё;

• неабходнасць у сацыяльных гарантыях;

• так весялей (разам весялей);

• вельмі шмат агульнага з гэтым чалавекам (супадаюць інтарэсы);

• жаданне быць «як усе» і інш.

Тлумачэнняў, для чаго людзі ствараюць сям’ю, можа быць яшчэ вельмі шмат, бо гэта звязана з асабістымі перажываннямі і досведам, які для кожнага чалавека ўнікальны.

Стварэнне сям’і - гэта адзін з важных выбараў кожнага чалавека, які будзе істотна ўплываць на вашыя патэнцыйныя магчымасці ў будучыні. Ад гэтага будзе моцна залежаць, наколькі вы зможаце рэалізаваць сябе максімальна поўна. А любая памылка, нядбайнасць або легкадумнасць ў гэтым пытанні, з вялікай доляй верагоднасці, скіне вас з аптымальнай траекторыі руху да сваёй мэты – а гэта ўжо страты, і прычым незаменныя. Бо ўступіць у шлюб – гэта не проста пракаціцца ў ЗАГС і паставіць штамп у пашпарце, а потым паесці салацік ў рэстаране. За памылковы выбар прыйдзецца заплаціць.

Калі аснова для стварэння сям’і будзе памылковая, то ніякія выкрутасы і тэхналогіі не дапамогуць – усё рана ці позна разваліцца. Псіхолагі лічаць, што калі ў сям’і няма яднаючай ідэі, то яна асуджаная на разбурэнне.

Псіхолаг Абрахам Маслоў склаў іерархію патрэбаў чалавека, гэтак званую «піраміду Маслоў». Кожны з нас мае патрэбы на чатырох узроўнях: фізічным (жыць у бяспечным месцы, атрымліваць паўнавартаснае харчаванне, мець дастаткова адпачынку, адчуваць задавальненне ад сэксу і інш.), эмацыйным (кахаць, быць каханым, свабодна выказваць эмоцыі і г.д.), інтэлектуальным і духоўным. Калі на ніжніх ейных прыступках чалавек імкнецца да выжывання і бяспекі, то вяршыняй чалавечага жыцця з’яўляецца рэалізацыя творчага патэнцыялу асобы, вызвалення талентаў, здольнасцяў, схаваных сіл чалавечай душы.

Яшчэ адна важная патрэба – адкрываць сваё прызначэнне, калі чалавек жыве ў стане яркага творчага струменю, пры гэтым не важна ў якой галіне: як клапатлівая мама, як мастак, як выканаўчы і адказны работнік і інш. Кожны чалавек імкнецца знайсці сваё прызначэнне, рэалізаваць свае схаваныя магчымасці. І дзе, як не ў сям’і двое чалавек, якія кахаюць, могуць падтрымліваць адзін аднаго ў гэтым натуральным імкненні да дасканаласці?

Каб дапамагаць адзін аднаму напаўняць патрэбы, трэба іх ведаць і разумець. І тут ёсць праблема: людзі часта не разумеюць і сваіх жаданняў і тым больш мала ведаюць пра тое, што трэба партнёру. Клапаціцца аб патрэбах адзін аднаго, дарыць і прымаць

каханне, дзяліцца эмоцыямі, падтрымліваць у цяжкасцях і сумненнях – вось тое, што дае сям’я і нішто іншае.

Калі чалавек не разумее ў чым ягонае прызначэнне, ён пачынае гібець, яго ахоплівае туга і дэпрэсія. Надыходзіць спусташэнне, алкагалізм, марнае баўленне часу. А сям’я – гэта саюз асобаў. Любыя адносіны – гэта сутыкненне двух асобаў з рознымі інтарэсамі, жаданнямі, светапоглядам. Таму партнёрам так важна высвятляць свае патрэбы і шукаць агульныя мэты. Для гэтага:

• Абмяркуйце мэты адносінаў на кожным з чатырох узроўняў патрэбаў: фізічным, эмацыйным, інтэлектуальным і духоўным.

• Занатуйце іх.

• Абмяркоўвайце час ад часу, высвятляючы, ці ўсё патрэбы выконваюцца і ці няма дзе дысбалансу.

І памятайце, што нават у блізкіх і даверных адносінах, перыядычна ўзнікаюць канфлікты. Калі вы правільна ўмееце мець зносіны падчас вострай сітуацыі, калі вы ведаеце як яе вырашаць, то канфлікт зробіць вас бліжэй адзін да аднаго, чым раней. Але для гэтага трэба ўмець карэктна і беражліва выказваць свае аргументы, прымаючы аргументы апанента. Кахайце адзін аднаго, стварайце сем’і і будзьце шчаслівыя!

Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter