Экскурс у гісторыю: Рашэнне аб заснаванні ў Гомелі тэхнічнага вучылішча было прынята ў 70-я гады XIX стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў. У кастрычніку 1878 года адукацыйная ўстанова расхінула дзверы для першых слухачоў. У ёй пачалі рыхтаваць спецыялістаў для службаў пуці і тракцыi (цягі).
Прыярытэты развіцця каледжа залежаць у значнай ступені ад патрэбы Беларускай чыгункі ў высокакваліфікаваных кадрах, здольных абслугоўваць і працаваць з перадавымі тэхналогіямі і дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, якія сёння ўкараняюцца на аб'ектах транспарту.
У гомельскай галіновай установе адукацыі створана разгалінаваная, эфектыўная сістэма падрыхтоўкі кадраў сярэдняга звяна, а таксама кваліфікаваных рабочых. Вучоба тут для сотняў рабят становіцца выдатнай стартавай пляцоўкай як у прафесійным плане, так і ў жыццёвым.
Адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў 38 кабінетах, 17 лабараторыях і 7 вучэбных майстэрнях, якія абсталяваны па самым сучасным патрабаванням: неабходнымі прыборамі і праграмамі, кампутарамі, інтэрактыўнымі дошкамі і мультымедыйнымі ўстаноўкамі. У распараджэнні навучэнцаў – вiхратокавыя дэфектаскапы «Вектар», прыборы «Тангенс», прыборы «АIД», стэнды НТЦ.
Навучальныя кабінеты аснашчаны трэнажорнымі комплексамі для вывучэння электравозаў і цеплавозаў розных серый, працы дзяжурных па станцыі. Хлопцы на практыцы знаёмяцца з асаблівасцямі кіравання перавозкамі і рухомым саставам. Для якаснага і рознабаковага авалодання ведамі да паслуг навучэнцаў прадастаўлена бібліятэка і чытальная зала з бібліятэчным фондам больш за 50 тысяч кніг і яе электронным аналагам.
Актыўна ў каледжы праходзіць грамадскае жыццё. Вялікую ўвагу педагогі надаюць духоўна-маральнаму і патрыятычнаму выхаванню моладзі, фарміраванні здаровага ладу жыцця. Першасная арганізацыя ГА «БРСМ» аб'ядноўвае больш за 600 чалавек. А ў прафсаюзную дзейнасць уцягнутыя ўсе педагогі і навучэнцы каледжа.
Ва ўстанове адукацыі створаны добрыя ўмовы для творчага развіцця моладзі. Калектывы мастацкай самадзейнасці – неаднаразовыя дыпламанты і лаўрэаты розных раённых і абласных фестываляў і конкурсаў. Гонар каледжа – тэатральная студыя «Ветразь», якая носіць званне народнага тэатральнага калектыву. Навучэнцы каледжа прымаюць удзел у прафілактычных і патрыятычных акцыях, якія праводзяцца ў горадзе і вобласці. Сфарміраваны валанцёрскі атрад «Мiзерыкордыя» па аказанні дапамогі ветэранам вайны і працы, дзецям, пазбаўленым хатняга ачага. А студатрад «Чыгуначнік» з'яўляецца неаднаразовым пераможцам абласнога конкурсу на лепшы студэнцкі атрад, які працуе ў Расіі.
Шмат увагі ў каледжы надаецца прыцягненню навучэнцаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Ёсць дзве спартыўныя залы, трэнажорная, стралковы цір, спартыўная пляцоўка і стадыён. Працуюць 8 секцый. У гэтым кірунку ў хлопцаў шмат дасягненняў.
У цяперашні час у каледжы працуе больш за 60 вопытных і маладых перспектыўных педагогаў, навучаецца больш за 1100 навучэнцаў дзённай і завочнай форм навучання. Маладое пакаленне – будучыня моцнай і квітнеючай Беларусі.
140 гадоў – гэта яркi рубеж і мноства цікавых традыцый! Але гэта не мяжа.
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter